Мая мова
Ў добры час, на ўлонні вясковым,
дзе вадзіца крынічная б’е,
навучыўся я матчынай мове
І задуманых песняў яе.
Многа ёсць недасягнутых скарбаў,
яшчэ болей прываблівых мар.
Я яе ні за што не аддаў бы,
бо яна найвялікшы мой скарб!
Яна гойдае спевам калыску,
літасціва шчабеча ў бядзе,
на ёй песні складаюць вятрыскі
ў неспакойны, разбуджаны дзень.
Мая мова не знае змярканняў
ад маленства да старасці лет,
буду песціць яе, як каханне,
разглядаць, як чароўны букет.
Можа мовы чужой навучуся,
каб суседзяў гасцінна вітаць,
але толькі на ёй, беларускай,
буду людзям аб долі пяяць.
Мая мова, як шчасце на вуснах,
хвалявання гарачы прыбой,
можа быць, на чужой засмяюся,
ўсё ж заплачу з тугі на сваёй.
Родная мова
Рачулкаю звонкай гучыць так яскрава
Родная мова роднай дзяржавы.
Як белая птушка, як яркая зорка
Гучыць беларускае, роднае, гулкае,
Такое гасціннае і неад’емнае,
Такое прыгожае, сэрцу прыемнае.
Як ранні світанак, такое радзімае,
Гучыць беларускае, дзіўнае, мілае,
Такое чароўнае, светлае, чыстае,
Родная мова як мора празрыстае.
Такое ласкавае, такое пяшчотнае,
Роднае слова мяккае, цеплае.
Гучаннем сваім закалыхвае слых,
Родная мова мілей мне за ўсіх.
Важкі аргумент
– Зачем нам белмова? –
Надзьмута пытаўся
Мужчына, што «русским
Всягды изьеснялся». —
Колбас не добавит
І даже селедки,
Нихто уж ни кажит
Аб винах и водке!
Горка пішуцца вершы
Горка пішуцца вершы -
Натхненьня няма.
Бо хто іх чытае на мове этрускаў?!
Сьцюжна на сэрцы – скавала зіма
Родны мой край і мой люд беларускі.
Мову сьвятую, што тысячы год
Продкі у сэрцы насілі як Бога.
Новы – хамцівы, бязьверны народ –
Занядбаў, апляваў,
Як і Бога самога.
Так крыніцы сьвятыя глумілі не раз
Ворагі лютыя ў часе напасьцяў.
Так пажары шугалі сьмяротныя ў нас –
Калі немец паліў нашых дзетак і шчасьце.
Адышлі ліхалецьця часы у нябыт.
Чаму ж горка зноў плача
Жалейка Купалы?
Мараць новыя людзі пра дабрабыт –
А душу аддаюць на глумленьне вандалам.
Любяць зноў тут па-руску й па-польску казаць.
І гіне расенаў душа сакаліная.
О мая Беларусь,
Цябе хочуць забраць
І у рабства прадаць
Злыя слугі казліныя.
Толькі трэба ім помніць-
Не забываць,
Што Белая Русь –
Русь Святая.
Хто захоча яе пакарыць, зваяваць,-
Таго неба заўсёды сьмерцю карае.
1999
Адкажы
Брат мой! Братка мой! Братачка родны!
Адкажы – сам сабе адкажы:
Чым зрабіўся табе непрыгодны
Скарб бясцэнны тваёй жа душы?
Ад чаго так бяздумна, бязмоўна
Ты яго выракаешся сам?
І чаму табе так усё роўна,
Што аборай становіцца храм?
Ці таму, што калісьці падступна
Растапталі твой шчыры давер?
Што на ніве, дзе сеяў ты рупна,
Вытраўляліся ўсходы твае?
Што ў стагоддзях варожыя збродні
Распіналі твой лёс на крыжы?
Брат мой, братка мой, братачка родны,
Адкажы – сам сабе адкажы!
Жыў ты ў горы, змагаўся ў няволі,
I канаў, і сыходзіў крывёй,
I жывым ты гарэў, а ніколі
Не саромеўся мовы сваёй.
Схамяніся ж, ачніся, агледзься!
Ды разваж, ды раздумай як сьлед:
Што пакінеш ты з поля ў налецьце?
З чым нашчадкі пакажуцца ў сьвет?
Ці паверыў, што род твой бясплодны,
I свой лёс прамяняў на чужы?..
Брат мой! Братка мой! Братачка родны!
Адкажы. Сам сабе адкажы!
Я беларускай мовы носьбiт
Я беларускай мовы носьбiт,
Адданы за яе змагар.
Няўжо не будзе прыкра ўнукам,
Што мы згубiлi гэты дар...
Брат-беларус, прачнiсь хутчэе,
Няўжо ты страцiў гонар свой?..
Хай пераменаў вецер вее,
Мы за яе ўступiм у бой!
Няхай учора мы стагналi,
Але прайшоў ужо гэты час.
I перамога будзе з намi,
I мовы роднае абцас.
Яна адзiны скарб народу,
Крынiца годнасьцi яго.
Яна майго натхненьня водар,
Паэтаў вечнае сьвятло.
Так хоча сэрца...
Горад родны шумлівым натоўпам гудзіць,
і сярод гэтых гукаў стракатых
беларуская мова, на жаль, не гучыць —
яшчэ, пэўна, не выйшла з-за кратаў.
«Няма часу і так... Яшчэ мову вучыць?!.»
I крычыць ужо хтось за двухмоўе...
Але дрэву калі карані адсячы —
ссохне, згіне і стане зямлёю.
Не! У словах маіх хай надзея гучыць,
бо надзею губляеш апошняй.
Мы не здолеем роднае слова забыць,
веру я, быць такога не можа!
I яшчэ загучыць з прыгажосцю сваёй,
веснавым ручайком паліецца
наша родная мова над нашай зямлёй!..
Веру ў гэта, бо хоча так сэрца.
Родная мова
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!
Ты калісьці з калыскі мяне падымала
I вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.
У жыцці маім слова найпершае «мама»
I цяпер для мяне сама міла гучыць.
Я па літарах родных вучыўся чытаць,
I буквар для мяне быў жыцця палавінай.
Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць
Першы раз: «Беларусь, мая сонца-краіна!»
I цяпер для мяне ты з усіх прыгажэй,
Хоць, я ведаю, моваў на свеце нямала,
I з усіх песняроў мне мілей і бліжэй
Роднай мовы пясняр — неўміручы Купала,
А задумае вораг з далёкага краю
Апляваць, адабраць, знішчыць мову маю —
He дазволю.
He дам.
He прадам.
He змяняю.
I да смерці за волю тваю пастаю!
Роднае слова
Пад казачным дубам
над Нёманам сiнiм
хлапец прызнаваўся ў каханi
дзяўчыне.
I рэхам той шэпт
адгукаўся мiж гаю:
...Кахаю, кахаю...
Я чула пяшчотнае,
шчырасцi поўнае,
маё, беларускае, роднае, кроўнае,
такое раптоўнае,
такое чароўнае.
Такое ласкавае, цёплае, чыстае,
як сонца, агнiстае,
як Нёман празрыстае,
як казка, былiна, як песня,
жаданае,
дагэтуль зусiм у жыццi не пазнанае,
вясновае слова ад шчырага сэрца.
Яно празвiнела над хвалямi ў рэчцы.
вятрыска шаптаў яго
з лiсцем мiж гаю:
...Кахаю, кахаю...
Шапталi яго сенажаць i дуброва,
людзьмi перачутае,
некаму новае,
адзiнае, дзiўнае, светлае слова -
кахаю... кахаю...
Кахаю...
Люблю...
Беларускаму краю
бясконца я слова "люблю" паўтараю.
Ад сівых гадоў, ад дзядоў...
Ад сівых гадоў,
ад дзядоў
Для мяне
ашчаджона спадчына:
Песні жніўнай
смутак удоў,
Мох зязюльчын,
гняздо курапатчына;
Сіні верас
і сіні дым,
Зоркі першай
драбнюткая мачына,
Яры хмель
над ярам крутым,
Галубіная мова матчына.
He згублю яе
ў тлуме дарог,
Дзе маторам
вясёла грукочацца,
Боязна мне
ступаць на мурог —
Прытуліцца шчакою хочацца.
Хай мяне
блаславяць у нябыт
Як свайго шалапутнага хрэсніка
I яго Яснавокасць
блакіт,
I яе Ласкавасць
бярэзінка.
Ёсць паданне вякоў, што разбурыць калісь...
Ёсць паданне вякоў, што разбурыць калісь
Вавілонскую Вежу Адам
І няўмольна сальюцца мовы зямлі
У адну, няродную нам.
І мая безвыходна пойдзе у змрок,
У атрутны, як вечнасць, цень,
Трапяткая і сіняя, як васілёк,
Гарачая, як прамень.
Я ні шчасця, ні будучых дзён не жадзён,
Хай пятля, хай памерці ў журбе,
Хай не будзе ні шчасця, ні будучых дзён,
Калі ў іх не будзе цябе.
Сірата па з'едлівай волі багоў,
Гінучы мой карабель,
Хай не будзе світання ў народа майго,
Калі досвіткам здрадзіць цябе.
Ад палеткаў райскіх лёгкай ступой,
Збочу я да пякельных катлоў,
Калі першы жа ангел на мове маёй
Мне не скажа: «Братка, здароў».
І няхай да мяне не прыйдзе вясна,
Песня, шчасце, каханне, спакой, —
Ўсё адно не змяняю твой чорны праснак
На атруту пшаніцы чужой.
Ты мой ясны хлеб і каханы май,
Песня продкаў, нашчадкаў палі,
Без цябе, не з табой — не патрэбен мне рай
На душы. Ў небясі. На зямлі.