Бязмоўе

Сярэдняя: 4.9 (19 галасоў)
Прыснілася:
Плача гаротная мова,
За дротам калючым
Прыгожыя словы,
Праходзіць ля дрота
Пачварная варта,
I страшна мне стала:
Я сам – з аўтаматам!

А хто я:
Змагар
Ці я з варты бяздумнай?
Ды хто б я ні быў,
Усё роўна мне сумна,
Бо сон – пра жыццё
Маёй горкай Айчыны,
Што зноў нарадзіла
Маўклівага сына.

О, колькі жыве іх,
Знямелых,
Наўкола!
Страшэннае
З грукатам коціцца кола.
Злятаюць дажджынкі
                    атрутныя з хмары –
То нам за бязмоўе
Расплата і кара!

То кара няшчырым,
Крыклівым паэтам,
Што вершы плятуць
У чарзе па манету.
Да вас,
Без'языкіх палітыкаў зграя,
Праклён нашых продкаў
З нябёсаў злятае!

...Апоўначы ўзбуджана
З ложка я ўскочыў
І доўга па хаце
Да раніцы крочыў.
Нібы насланнё,
Хтось шаптаў мне на вуха:
«Без мовы народ –
Як гармонік без духу».

У цяжкім адчаі
Прысеў на канапу
...З пакоя дзіцячага клікнулі:
– Папа!
Скрозь слёзы прыпомніў
Вясковую хату,
Да болю знаёмае,
Роднае:
– Тата!