Каля вогнішча

Сярэдняя: 1 (1 голас)

Над восеньскім полем адзіная зорка
To знікне, то зноў задрыжыць угары.
Павеяла дымам вільготным і горкім
З кастра, што, відаць, дагарэў без пары.

Знаёмыя пахі сатлелай ігліцы
Я прагна ў абветраным полі лаўлю
I мару, — да вогнішча б мне прытуліцца,
Іскрынку б знайсці, — я агонь распалю.

Знайшоў і з-пад прысака выграб жарынку,
Дыханнем яе у далонях сагрэў,
Падкінуў ігліцы, і цераз хвілінку,
Як знічка, агеньчык дрыжаў і гарэў.

Я ўкленчыў прад ім, нібы вогнепаклоннік,
Прасіў не патухнуць, ажыць і гарэць.
Дрыжаў язычок, і зялёненькі конік
Да вогнішча выскачыў лапкі пагрэць.

Агонь зашугаў, затрашчала ламачча,
Гарачыя іскры ляцелі да зор...
У полі асеннім — такая удача —
Знайсці і раскласці з іскрынкі касцёр.

Таму не было мне і ў змроку трывожна,
Хоць нейчыя крокі пачуў за спіной:
Да вогнішча з поля прыйшоў падарожны,
I мы гаварылі на мове адной.

Ігліца трашчала, ламачча гарэла,
Асеннія ветры свісталі ўвушшу.
Мне рукі азяблыя полымя грэла,
А роднае слова сагрэла душу.