Хлебныя словы

Сярэдняя: 3 (2 галасоў)

Адценне слоў – не глупства,
Ты ім не пагарджай.
Скарынка. Скіба. Луста.
Акраец. Каравай.
Акраец – шлях, дарога
І зайцаў хлеб лясны.
Скарынка – сум, трывога
І боль былой вайны.
Здараецца, вядома,
Што, выпіўшы ў гасцях,
Грызе скарынку дома
Пахмурны халасцяк.
А скіба – дзень вясновы.
Ралля. Плугі. Сяўба.
Наш хлеб – жыцця аснова,
Працяг і барацьба.
А луста – слова сытнае,
Духмянае і шчодрае.
Яно ад маці – сітнае
Ці наздравата-чорнае.
А каравай – вясельнае,
Святочнае яно.
На ручніку нясе яно
І радасць, і віно.
І справа тут не ў ежы,
А ў смачным змесце слоў,
І ў жытным ветры свежым,
І ў звоне каласоў…