Хоць голасу не маю...

Сярэдняя: 3.8 (13 галасоў)

Хоць голасу не маю,
Ды не спяваць не змог,
Каб не знямеў мой краю,
Мне песні шэпча Бог.

Спяваю – тым усцешны.
Сумленнем не крыўлю.
Мо хоць кагосьці з грэшных
Да мовы прытулю.

Мне гэтак часам сумна,
Што бэсцяць бессаром
І мову ў нас бяздумна
З душы ірвуць сілком.

Хтось выгукне звыродна,
Маўляў, не згіне свет,
Калі й памрэ народны
Апошні наш паэт.

Хоць і адчай даймае,
Ды голасна пяю,
Бо з мовай засынаю
І з моваю ўстаю.