Хоць ты, сэрца, лопні, трэсні...

Сярэдняя: 4 (1 голас)

Хоць ты, сэрца, лопні, трэсні,
Хоць ты выгані, пан, з хаты, —
Буду пець я свае песні
Ці то ў будні, ці то ў святы!

Думкі, оды пець я буду,
Каб усякі весяліўся,
Каб для гэтага тут люду
Свет інакшы адчыніўся!

Каб на полі ці на лузе,
Ці працуючы ля дому,
Ці у лесе, ці пры плузе
Пеў ён песні па-сваёму!

Каб ніколі не чураўся
Сваёй родненькае мовы,
У якой узгадаваўся,
Хоць забыўся дзеля новай.

Дык пець буду табе, людзе,
Каб працёр свае ты вочы! —
А шмат лепей табе будзе,
Як адрозніш дзень ад ночы.

Бо ты ж надта цёмны, браце,
Як тытун у табакерцы, —
Хоць не воўк — жывеш у хаце,
Хоць ты маеш душу, сэрца.

О, я знаю: сэрца маеш,
Бо па свінцы нават плачаш, —
А што мовай пагарджаеш,
Дык ты гэтага не бачыш.

Гэй, прасніся, беларусе!
Усе людцы паўставалі.
Гэй, прасніся, беларусе!
Усе праўдачку пазналі.