Летняй спякотай пад вокны прыйду

Сярэдняя: 2.4 (7 галасоў)
                              Марыі Рыгораўне Трафіма-
                              вай, спявачцы народных пе-
                              сень з г. п. Ушачы

Летняй спякотай пад вокны прыйду,
Ціш не парушу.
Песняй сваёй разгані мне нуду,
Бабка Марушка.
Песняй, як сонцам, гаючым пітвом,
Быццам замовай,
Светлым і горкім, нібы палыном,
Матчыным словам:
      «Пятрова й ночка невялічка.
      Пятрова й ночка невялічка.
      Дзевачка й ночку не даспала, ой,
      Дзевачка ночку не даспала,
      Шоўкам кашулю вышывала...»
Бабка Марушка, ну як узмацніць
Ціхі твой голас,
Што ручаінкай лясною звініць
Пад ветру шолах?
      «А я вось думаю: памру і песні
      з сабой на той свет панясу.
      Хай бы якое вучылася, пераймала...»
Песня над вулкай ушацкай плыве.
Нельга іначай.
Покуль шчэ песня ў народзе жыве,
Будуць Ушачы,
Будуць узгоркі, пралескі, бары,
Лёт аблачыны,
Водар ад траў сенакоснай пары,
Будзе Айчына.
Будзе мой родны і песенны край,
Мудры і мужны.
Дзякуй табе! He стамляйся, спявай,
Бабка Марушка!