Матчына слова

Сярэдняя: 4.1 (11 галасоў)
Боль не маўчыць, калі маўчыць народ
У сонным і халодным раўнадушшы:
Ён прабівае лёд гнілых балот
Хлусні, зняваг, салодкіх сноў чынушных.

Якой бы горкай доля ні была –
Зямля мая, ты вернасць нараджала.
Хоць і не раз з-пад белага крыла
Крывёй вякоў ты, Беларусь, сцякала.

Гаротны твой, ды сакаліны лёс,
Як непадкупнай вернасці аснову,
Праз вісельні і вогнішчы пранёс
Святую споведзь матчынага слова.

Чаму нямееш сёння, беларус?
Твая ці ў сытым целе сохне памяць?!
Як непасільнай ношы 
                                   лішні друз –
Якісьці невук слова маці ганіць.

Кім, без’языкія, у свеце праслывём?
Хто нашых душ тады пачуе споведзь?
Мы песню родную ўжо плачам – не пяём…
Які нам суд гісторыя прамовіць?