Мая мова

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Ў добры час, на ўлонні вясковым,
дзе вадзіца крынічная б’е,
навучыўся я матчынай мове
І задуманых песняў яе.

Многа ёсць недасягнутых скарбаў,
яшчэ болей прываблівых мар.
Я яе ні за што не аддаў бы,
бо яна найвялікшы мой скарб!

Яна гойдае спевам калыску,
літасціва шчабеча ў бядзе,
на ёй песні складаюць вятрыскі
ў неспакойны, разбуджаны дзень.

Мая мова не знае змярканняў
ад маленства да старасці лет,
буду песціць яе, як каханне,
разглядаць, як чароўны букет.

Можа мовы чужой навучуся,
каб суседзяў гасцінна вітаць,
але толькі на ёй, беларускай,
буду людзям аб долі пяяць.

Мая мова, як шчасце на вуснах,
хвалявання гарачы прыбой,
можа быць, на чужой засмяюся,
ўсё ж заплачу з тугі на сваёй.