Мая мова

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Я слоў беларускіх наўчыўся ад маці.

Янка Купала

Мне мова ў сэрца запала з дыханнем
Палёў канюшынных, валошкавых ніў,
І з водарам волкім палескага рання.
Я матчыну мову з хадуляў вучыў.

Вучыўся ад мудрых дзядоў і бабуляў,
Ад Бога настаўнікаў вызначыў лёс.
А вы нашу мову вясковую чулі
У зелені траў і пад дахам нябёс?

І не на кампутары, не электронна,
А з песняў-баладаў палешукоў?
Гамоняць дагэтуль яны нешаблонна.
Чаму я не слухаў паболей іх слоў!?

Ніколі ў мяне не ўзнікала сумнення,
Што родная мова бывае адна,
Што толькі яна нараджае натхненне
І песняй заснуць не дае давідна.

Паслухайце ў вёсках, дзе мова спявае,
За сотні ад тлуму сталічнага вёрст –
Там мова ад продкаў, там мова жывая,
Там людзі не ведаюць іншай наўпрост.

Дарэмна зласлівец пусціў пагалоску,
Што роднае мовы наблізіўся скон.
Каб нейк захаваць беларускую вёску,
Дзе мовы падмурак хаваўся спакон.

Лістапад 2011—студзень 2012