Мая ціхая песня дубраўная...

Сярэдняя: 3.8 (4 галасоў)

Мая ціхая песня дубраўная,
Не святочная,
Не былінная,
З росных травак-былінак сабраная,
Медунічная
I палынная.

Неспакойная песня дарожная,
Навальніцам, вятрам сугучная,
Непакорная,
Пераможная
I для славы зусім не зручная.

Як валошка ў сінім вяночку,
Кропля светлая ў ручаёчку,
Ты – праўдзівае
I пяшчотнае
Слова матчына ў кожным радочку.

Не здалася віхурам у полі,
Не зайшлася ў бядзе ад жалю,
Мая радасць
I горкая доля...
Як хачу, каб цябе паважалі!..