Можа, ўсё гэта толькі ідэя...

Сярэдняя: 4.6 (10 галасоў)

Можа, ўсё гэта толькі ідэя
I наіўны, палынны міраж, —
Як сусветная Іудзея —
Гэты крык і помысел наш?
Вось яна — зямля пад нагамі.
I народ на зямлі спрадвек.
Толькі слова свайго пазбягаем,
Як здаровы — пагляду калек.
Просім сына:
па-беларуску
Напісаць (як прасіў Карусь
Каганец)... I пачуем малюска: —
А ці ёсць яна, Беларусь?..
Што было па шляхах і ростанях?
Прадавалі нас за паўцаны.
I круціліся душы бяростаю
На агнях інквізіцый маны...
Толькі дзверы чужых пачакальняў,
Толькі уніі ды палон...
I на шыі — жэтон адчаканены:
Час, як выціснуты лімон...
Хто — зямля ці ідэя — злучае
Раз'яднаны бязмоўем народ?
Ці гуртуюцца людзі адчаем:
Там крычыць ўсенародны рот?..
А пакуль сведчым, хто вінаваты,
Б'ёмся ў дыспуце шматгаловым, —
Кажуць, новае ўводзіцца свята
З назвай «Дзень адмаўлення ад мовы».