Наша мова

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Мова родная, мова дзядоў!
Іншай мовы мы сэрцам ня чуем.
Мілагучнасьцю любых нам слоў.
Быццам музыкай душу чаруем.

Мы за вокнамі дзень залаты,
Нашых рэкаў пявучыя хвалі,
Роднай хаты сьвятыя куты
Ў гэтай мове раз першы назвалі.

Наша мова – спатканне,
З казкай, ў цудным дзецкім сьне.
Наша мова – каханне, што прыходзіць да мяне.

Любай песьняй старою гучыш,
З-над калыскі, за гадоў тых дзяціных;
Салаўіным разьлівам ўначы,
Звонам хваляў прыткой ручаіны.

З-пад вясковых прыветлівых стрэх
Мілагучна зьвініш ад сьвітання;
Бы дзявочы, рассыпчысты сьмех,
Быццам першае ў сэрцы каханне!

Наша мова – спатканне,
З казкай, ў цудным дзецкім сьне,
Наша мова – каханне, што прыходзіць да мяне.

Сьвяты прадзедаў ты нам адказ,
Якім слаўна ў харомах гудзела!
Ты як неба, як сонца для нас –
Быццам наквеццю сад заінелы.

Мова родная, мова дзядоў!
Іншай мовы мы сэрцам ня чуем.
Мілагучнасьцю любых нам слоў,
Быццам музыкай душу чаруем.