Не дай мне бог духоўным стаць бадзягам...

Сярэдняя: 5 (10 галасоў)

Не пакідайце ж мовы нашай
беларускай, каб не ўмерлі!
Ф. Багушзвіч

Не дай мне бог духоўным стаць бадзягам,
Без памяці жывой, без каранёў,
Ісці бязмэтна за ілжывым сцягам
I верыць, што вяшчуе вараннё.
Народзе мой, не дай мне абмыліцца,
Маўчаць, як ты маўчаў цераз вякі,
I рабскаю рахманасцю хваліцца,
I падстаўляць для ўдару дзве шчакі —
Гісторыю, распятую на «крэсах»
I на заходніх з поўначчу краях,
I мову, што спрадвеку лёс накрэсліў,
Каб ты Купалы словам акрыяў.
Няўжо забыта ўсё, перазабыта —
Сыноў найлепшых светлы запавет?..
Не веру, што аднойчы з тварам сытым,
З духоўнай торбаю ты выладзішся ў свет...
Ці быў калі народ-самазабойца? —
Скажыце мне, вучоныя мужы...
Дык што ж цябе, не мота, не прапойцу,
Штурхае да апошняе мяжы?
Я ведаю: народы паміраюць...
Але такі — з Хатынямі ў душы,
Якому пекла можа здацца раем,—
Такі, як свет, павінен вечна жыць!
Не дай жа ў сэрцы зруйнаваць краіну,
Што на шляхах крывавых збудаваў,
Пайсці перараджэнца каляінай,
Што мову забываў ці забіваў...
Народзе мой, прабач дакор палынны, —
Ці мне сароміць і ці мне вучыць?..
Ты знаеш лепш, ты не падсудны сыну.
Але ці лепш, як здрадна сын маўчыць?