Пагоня за мову

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Над зямлёй імчацца коні,
Капытамі лісце рвуць,
Грозных рыцараў Пагоні
На сабе яны нясуць.

Гарады мінаюць, вёскі,
Узрываюць сонны дол...
Пра Пагоню пагалоскі
Разлятаюцца вакол,

Будзяць воінаў у хатах
Спаць палацам не даюць...
I хто ў світках, а хто ў латах,
Беларусы паўстаюць...

Зноў грыміць, ляціць Пагоня,
Да Пагоні той прыстаць
Клічу, клічу я сягоння:
Хопіць, хлопцы, хопіць спаць!

Ці не бачыце, што мову
Затапталі нашу ў гной,
Дзецям нашым нашых словаў
Ажно сорамна парой.

Беларускай роднай мовы
Ўжо не ведаюць яны
I з акцэнтам мадэрновым
Кажуць імя Скарыны.

Гіне мова, прападае,
На ратунак кліча нас.
Я Пагоню аб’яўляю:
За яе! У сёдлы! Час!