Роднае слова

Сярэдняя: 4.3 (23 галасоў)

Пад казачным дубам
над Нёманам сiнiм
хлапец прызнаваўся ў каханi
дзяўчыне.

I рэхам той шэпт
адгукаўся мiж гаю:
...Кахаю, кахаю...

Я чула пяшчотнае,
шчырасцi поўнае,
маё, беларускае, роднае, кроўнае,
такое раптоўнае,
такое чароўнае.

Такое ласкавае, цёплае, чыстае,
як сонца, агнiстае,
як Нёман празрыстае,
як казка, былiна, як песня,
жаданае,
дагэтуль зусiм у жыццi не пазнанае,
вясновае слова ад шчырага сэрца.

Яно празвiнела над хвалямi ў рэчцы.
вятрыска шаптаў яго
з лiсцем мiж гаю:
...Кахаю, кахаю...

Шапталi яго сенажаць i дуброва,
людзьмi перачутае,
некаму новае,
адзiнае, дзiўнае, светлае слова -
кахаю... кахаю...

Кахаю...
Люблю...
Беларускаму краю
бясконца я слова "люблю" паўтараю.

Іншыя вершы