Роднае слова

Сярэдняя: 4.6 (12 галасоў)
Магутнае слова, ты, роднае слова!
       Са мной ты на яве і ў сне;
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
       Ты песень наўчыла мяне.

Бяссмертнае слова, ты, роднае слова!
       Ты крыўды, няпраўды змагло;
Хоць гналі цябе, накладалі аковы,
       Дый дарма: жывеш як жыло!

Свабоднае слова, ты, роднае слова!
       Зайграй ты смялей, весялей!
Хоць гадзіны сыкаюць, кружацца совы,
       Жывеш ты на хвалу людзей.

Загнанае слова, ты, роднае слова!
       Грымі ж над радзімай зямлёй:
Што родная мова, хоць бедная мова,
       Мілей найбагатшай чужой!