Родная мова

Сярэдняя: 4.8 (9 галасоў)

Катавалi Цябе,
То на пляцах палiлi,
То пiсалi законы,
То рэзалi крылле,
То цкавалi, як волата-звера на ловах, –
Мова сэрца майго, Беларуская Мова.
Рассяляўся чужак
Памiж нашага люду,
Ён Цябе абражаў,
Ён мяшаў Цябе з брудам,
Дамавiну i крыж бачыў ранкам барвовым
Ён у iмi Тваiм, Беларуская Мова!..
Калi знойдзеш шыпы –
Знойдзеш кветкi шыпшыны,
I жылi на зямлi
Янукi i Гражыны.
Нiбы хваляй камень, шлiфавалiся словы
Мовы мацi маёй, Беларускае Мовы.
Хай зламыснiк дрыжыць,
Хай калоцяцца хлусы –
Не зламаць, не скарыць
Iм народ беларускi.
Покуль верас жыве – жывы пах
верасовы –
Мова люду майго, Беларуская Мова!