Родная мова

Сярэдняя: 2 (1 голас)

Не знайсці ў свеце з ёй падабенства.
Яна – з роду крынічак бруістых
І адтуль, дзе пражыта маленства,
Ад людзей дабрадзейных і чыстых.

З баравых, балацяных сцяжынак,
Што ля Хойнік – глыбінкі палескай,
Ад дакосін, дакопак, дажынак
І ад песень тужліва-балесных.

Ад блакітных і ясных азёраў...
Дабрыня яе – ў мудрых паданнях,
А краса – ў васільковых узорах,
У ліпнёвых, сунічных світаннях.

На Палессі, ў Гародні, пад Мінскам
Яна лашчыць душу адналькова.
Мая спадчына, гонар і мараў калыска,
Мілагучная, шчырая, добрая мова.