Судны час

Сярэдняя: 5 (21 голас)
Даруй мне, мова, за грахі,
Даруй, што сын з дачкой русачаць,
Даруй, што вецер ад тугі
Над нівай мёртвай горка плача.

Перад табой не саграшу:
Я – не герой,
                       я – быццам здраднік,
Душу спазнела варушу,
А там – рыторыкі цытатнік.

А там – прагорклае віно,
А там – паўсюль распусты зелле,
Там топчуць сцяга палатно,
Там кроў на белым, чыстым целе.

I наступае судны час,
Плыве павольна гнеўнай хмарай,
I будзе страшны суд для нас,
I атрымае кожны кару!