Так хоча сэрца...

Сярэдняя: 4.5 (2 галасоў)

Горад родны шумлівым натоўпам гудзіць,
і сярод гэтых гукаў стракатых
беларуская мова, на жаль, не гучыць —
яшчэ, пэўна, не выйшла з-за кратаў.

«Няма часу і так... Яшчэ мову вучыць?!.»
I крычыць ужо хтось за двухмоўе...
Але дрэву калі карані адсячы —
ссохне, згіне і стане зямлёю.

Не! У словах маіх хай надзея гучыць,
бо надзею губляеш апошняй.
Мы не здолеем роднае слова забыць,
веру я, быць такога не можа!

I яшчэ загучыць з прыгажосцю сваёй,
веснавым ручайком паліецца
наша родная мова над нашай зямлёй!..
Веру ў гэта, бо хоча так сэрца.